1

«Бібліятэка Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў»

Калекцыя «Бібліятэка Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў» Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь: сучасны стан і перспектывы існавання.                         

  

                    

Мэтай нашага матэрыяла з'яўляецца падсумаванне вынікаў працы з калекцыяй «Бібліятэка Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў» (далей – БНАР) у Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь (ПБ). Нельга сказаць, што гэтая праца ўвесь час вялася планава і сістэмна. Умоўна яе можна раздзяліць на тры этапы: паступленне БНАР ў фонд ПБ, фармаванне асобнай калекцыі і навуковае вывучэнне, алічбаванне ўсіх выданняў і забеспячэнне свабоднага доступу карыстальнікаў да электроннага варыянту (рэсурсу) калекцыі.

Першы этап – калі рарытэты знакамітага кнігазбору ў складзе так званых «трафейных эшалонаў» вярнуліся на радзіму з Германіі і патрапілі ў фонды трох бібліятэк – ЦНБ НАН Беларусі, НББ і ПБ (да 1994 г. – Урадавай). Заўважым, што адна з самых каштоўных частак апынулася менавіта ў ПБ. У 1947 г. кнігі  БНАР былі ўлітыя  ў агульныя фонды. Задача вылучыць іх асобнай калекцыяй у савецкі час, калі Радзівілы выступалі ў гістарычных сюжэтах адно як «сярэднявечныя феадалы і прыгнятальнікі працоўнага сялянства», мякка кажучы, не была актуальнай. Пры гэтым частка «радзівілаўскіх» выданняў знаходзілася ў запасніках і не была заінвентарызавана. Аднак паступова супрацоўнікі ПБ адбіралі з фондаў асобныя найбольш адметныя выданні. У 1976 г. іх перадалі ЦНБ НАНБ як гістарычную спадкаеміцу БНАР. Адшуканыя пазней у агульных фондах выданні БНАР склалі асобную калекцыю ва ўноў створаным аддзеле старадрукаў і рэдкіх выданняў. Трэці этап – алічбаванне – быў рэалізаваны ў 2014 г.

У 1997 г. вынікі даследавання калекцыі БНАР былі выкладзены намі на секцыі «Гістарычныя кнігазборы Беларусі» міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Бібліятэка ў сучаснай інфармацыйнай прасторы» прысвечанай 75-годдзю НББ. На той час ўся калекцыя ПБ была ўведзена ў ЭБД «Radziviliana», укладаннем якой апекавалася НББ.

Прыналежнасць выданняў да БНАР вызначалася правененцыямі (экслібрысамі, штампамі, уладальніцкімі і дароўнымі надпісамі) і маргіналіямі з выкарыстаннем інвентарных кніг ПБ. Агульная колькасць вылучаных тады асобнікаў калекцыі склала – 74, у тым ліку кніг – 69 (з улікам алігатаў), часопісаў – 5. Вынікі далейшага даследавання БНАР былі выкладзены на міжнароднай канферэнцыі ў Польшчы ў 2008 г.

На той час з улікам уноў выяўленых у агульных фондах ПБ дакументаў (1 рарытэт быў набыты ў бібліяфіла праз букіністычную кнігарню) калекцыя складалася з 97 выданняў.

На сённяшні дзень агульная колькасць асобных адзінак уліку складае  126 асобнікаў (некалькі выданняў знаходзяцца на стадыі навуковай ідэнтыфікацыі), у тым ліку кніг – 117 (з іх – 1 канвалют з трыма алігатамі і 2 канвалюты, у якіх па 2 алігаты), часопісаў – 9 пераплётных адзінак (5 назваў). Храналагічныя рамкі кніг: XVIII – XX стст.

Моўная характарыстыка асобнікаў:

–    на польскай мове: 45 выданняў;

–    на нямецкай мове: 28 выданняў;

–    на французскай мове: 27 выданняў;

–    на рускай мове: 15 выданняў;

–    на англійскай мове: 8 выданняў;

–    на лацінскай мове: 2 выданні;

–    на італьянскай мове: 1 выданне.

Віды літаратуры па прызначэнні прадстаўлены, найперш, літаратурна-мастацкімі выданнямі, а таксама навуковымі, афіцыйнымі; вучэбнай і даведачнай літаратурай. Па галінах ведаў і жанрах гэта – грамадскія навукі, мастацкая літаратура, гісторыя, літаратуразнаўства, геаграфія, біялогія.

Часопісы. У ліку 9 адзінак захоўвання прадстаўлены: на польскай мове – «Тыгоднік літэрацкі» (1840), на рускай мове – «Сын Айчыны» (1817), «Часопіс дэпартамента народнай адукацыі» (1821, 1822, 1823). Сярод нядаўна адшуканых – часопіс на польскай мове «Непадлегласць» ( 3 тамы за 1830 г.), які выходзіў у Варшаве. Знаходзіўся ён раней у спецсхове, бо, зразумела, выданні такога кшталту, прапагандуючыя ідэі незалежнасці і свабоды краін, у савецкі час хаваліся ад чытацкага вока; часопіс «Le journal de la jeunesse»  (1877) на французскай мове, выходзіў у Парыжы.

Самыя старыя выданні: «Кароткая нямецкая граматыка на карысць расійскага юнацтва» за аўтарствам Агентава М. І., якая выйшла на рускай мове ў друкарні Маскоўскага універсітэта ў 1762 г. і «Арлеанская дзева» Вальтэра на французскай мове (Базель, 1791 г.), творы Гарацыя на лацінскай мове (Лейпцыг, 1800 г.) і Ф. Клапштока на нямецкай мове (Лейпцыг, 1800 г.).

У цэлым, можна зрабіць выснову, што ў калекцыі ПБ няма выданняў першай (да 1772 г.) БНАР, а тыя, што ёсць, адпавядаюць кнігазбору, запачаткаванаму Антоніем і Марыяй де Кастэлян (як вядома, яго ядром стала бібліятэка, перавезеная з Берліна ў 1880 г.). Сведчаць пра гэта і выяўленыя намі чатыры віды гербавых экслібрысаў-налепак (Biblioteka Ordynacji Nieswіeskiej, Ex Libris Jerzy Radzivill, Bibliotheque de la Princesse Antoine Radziwill, Stanislaw Radzivill), 1 круглая пячатка-штэмпель (Biblioteka Ordynacji Nieswіeskiej), 1 чырвоны авальны штэмпель (Ordynacji Nieswіeska. Biblioteka. №) ды іншыя правененцыі і маргіналіі.

Сёння ПБ актыўна выкарыстоўвае новыя інфармацыйныя тэхналогіі. Таму, натуральна, што і фармаванне сучаснай электроннай бібліятэкі стала для нас актуальнай задачай. Працу па стварэнні мадыфікаванай бібліяграфічнай і поўнатэкставай баз даных калекцыі БНАР здзейснена аддзелам старадрукаў і рэдкіх выданняў разам з аддзелам электроннай бібліятэкі ПБ.

У выніку сістэмнага аналізу фонду было прынята рашэнне, што ў склад электроннай бібліятэкі, у першую чаргу, павінны быць уключана калекцыя БНАР: пашырэнне спосабаў захавання культурнай спадчыны, які захоўваецца ў яе фондах, прадухіленне зносу фізічных экзэмпляраў дакументаў. Гэтаму надавалася першараднае значэнне, паколькі частка кніжніцы Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў з'яўляецца самым каштоўным і цікавым беларускім гістарычным кнігазборам у фондзе Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Алічбаваны ўсе дакументы калекцыі, усе яны прадстаўлены ў электронным каталогу бібліятэкі.

Першапачаткова намі была праведзена кнігазнаўчая ідэнтыфікацыя: па сукупнасці агульных і прыватных ўладальніцкіх прыкмет шляхам іх паслядоўнага выяўлення і вывучэння былі адабраны дакументы, якія ўваходзяць у дадзеную калекцыю. Прыкметамі адбору з’явіліся інвентарныя нумары выданняў, штампы і экслібры БНАР, маргіналіі.

Паасобнікавае бібліяграфічнае апісанне выданняў калекцыі было даволі складанай і карпатлівай даследчай працай. Значнай дапамогай тут  з'явіліся выдадзеныя ЦНБ НАНБ друкаваныя каталогі выданняў калекцыі за XVXVI, XVII, XVIII стст.

Маштабнасць праекта па ідэнтыфікацыі і навуковым вывучэнні часткі БНАР з фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь запатрабавала дзеля гэтага прыцягнення шырокага кола гісторыкаў і кнігазнаўцаў. Акрамя таго, калекцыя сталася прадметам спецыяльнага даследавання Л.У Івахнінай. Яе навуковая праца «Калекцыя кнігазбору Радзівілаў у Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь у кантэксце бібліяграфічнай рэканструкцыі кніжных помнікаў Беларусі» стала лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі

Беларусь 2013г.

Спецыялізацыя працы ПБ дазваляе разглядаць яе як гістарычную спадкаеміцу, пераемніцу і прадаўжальніцу гістарычных традыцый дакументна-інфармацыйнага забеспячэння патрэб дзяржаўнай улады і кіравання на Беларусі. Нашыя самыя старажытныя папярэднікі – бібліятэкі полацкіх князёў бібліятэкі беларускіх манархаў часоў Вялікага княства Літоўскага – ад вялікага князя Вітаўта да вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх Жыгімонта І Старога, Жыгімонта Аўгуста і Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Частка БНАР, якая захоўваецца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь невялікая, але вельмі каштоўная змястоўна і рэпрэзентатыўная, каб адлюстраваць тую ролю, якую адыгрлі магнацкі род Радзівілаў і яго асобныя прадстаўнікі ў грамадска-палітычным і культурным жыцці тагачаснага паспольства, на дыпламатычнай ніве і да т.п.

Такім чынам, стварэнне бібліяграфічнай і паўнатэкставай баз даных дазволіла аптымізаваць працу па навуковым вывучэнні і папулярызацыі калекцыі «Бібліятэка Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў» Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Разам з тым сацыяльнае значэнне гэтай працы значна шырэйшае. Яна звернута да адраджэння і папулярызацыі нацыянальных культурных вытокаў, што ў першую чаргу дапамагае ўсведамленню нацыянальнай ідэнтычнасці асобы, фарміруе паўнавартаснага грамадзяніна беларускай дзяржавы.

У гуманістычным і агульнацывілізацыйным кантэксце перадача паўнатэкставай базы даных «Калекцыя «Бібліятэка Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў» Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь на яе законнае гістарычнае месцазнаходжанне ў Нясвіж – Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку «Нясвіж» аднаўляе гістарычную і чалавечую справядлівасць.

Валерый Герасімаў,

загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў 

Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь