Другія Кісялёўскія чытанні
У праграме чытанняў прадугледжана адкрыццё выставы выданняў, якія адлюстроўваюць эпоху рамантызму і яе асаблівасці ў літаратурным працэсе Беларусі.
Другія Кісялёўскія навуковыя чытанні “Да 200-годдзя рамантызму ў літаратуры Беларусі””
Эпоха рамантызму сталася вызначальнай для станаўлення нацыянальнай літаратурнай традыцыі. Адлік гэтай эпохі – не толькі ў беларускай літаратуры, але і ва ўсёй польскамоўнай культурнай прасторы –вядзецца з 1822 года, калі з друку выйшаў першы том твораў Адама Міцкевіча “Паэзія”. У гэтую кнігу ўвайшоў цыкл “Балады і рамансы”, які стаў эталонным для беларускіх, польскіх, украінскіх і літоўскіх рамантыкаў, а прадмова “Пра рамантычную паэзію” была маніфестам новага літаратурнага кірунку. Такім чынам, можна сказаць, што сёлета, у 2022 г., мы адзначаем 200-годдзе рамантызму ў прыгожым пісьменстве Беларусі.
Праблемнае поле чытанняў:
рамантызм як культурная эпоха;
постаці ХІХ-ХХІ стагоддзя, якія працавалі ў гэтым літаратурным кірунку;
таварыствы філаматаў і філарэтаў як асяродак зараджэння рамантызму;
рамантызм у творчасці беларускіх аўтараў;
вобразная і жанравыя сістэмы рамантызму
Генадзь Кісялёў – знакавая постаць айчыннага літаратуразнаўства. Даследаваў беларускую літаратуру, гісторыю грамадскай думкі і нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі ХІХ стагоддзя, жыццё і дзейнасць К.Каліноўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, А.Вярыга-Дарэўскага, П.Шпілеўскага, Я.Коласа, Я.Купалы. Атрыбутаваў аўтарства паэм “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”. Таксама працаваў над скарыназнаўчымі тэмамі, дзе сам сябе лічыў за “неафіта”, хаця насамрэч і тут зрабіў значны ўклад. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1990) за кнігі гісторыка-літаратурных даследаванняў “Разыскивается классик…” і “Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча”.
Да ўдзелу ў навуковых чытаннях запрошаны вядучыя літаратуразнаўцы, гісторыкі, культуролагі.