1

"Цішка Гартны. Пісьменнік і палітык: да 130-годдзя з дня нараджэння"

У Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь працуе выстава "Цішка Гартны. Пісьменнік і палітык: да 130-годдзя з дня нараджэння".

Цішка Гартны (сапраўднае імя Зміцер Хвёдаравіч Жылуновіч) - выдатны беларускі пісьменнік, публіцыст і дзяржаўны дзеяч - нарадзіўся 4 лістапада 1887 года ў мястэчку Капыль, пад Мінскам у сялянскай сям'і.

Першы яго верш, "Бяздольны", быў надрукаваны ў беларускай газеце "Наша Ніва" ў 1909 годзе.

На экспазіцыі размешчаны прыжыццёвыя выданні Цішкі Гартнага, у тым ліку Збор твораў у 4-х тамах, выдадзены ў 1929-1932 гг., зборнікі апавяданняў "Гаспадар", "Гоман зарнiц", а таксама шэраг публікацый у беларускіх літаратурных часопісах 1920-1930 гадоў. На выставе прадстаўлены першы нумар часопіса "Полымя", які адкрываецца вершам Цішкі Гартнага "Па дарозе да будучыні". Дарэчы, менавіта Цішка Гартны быў першым рэдактарам гэтага знакавага для беларускай літаратуры часопіса.

Ва ўяўленні многіх сучаснікаў паэт Цішка Гартны і палітык Зміцер Жылуновіч існавалі як быццам асобна. Каштоўнымі крыніцамі, якія дапамагаюць раскрыць асобу і творчасць гэтага выбітнага дзеяча з’яўляюцца успамiны пра Цiшку Гартнага, над зборам якіх працавала яго дачка Галіна Жылуновiч, а таксама лiтаратурная крытыка і навуковыя даследванні, якія таксама прадстаўлены на выставе.

У 1920-х гадах Зміцер Жылуновіч прымаў актыўны ўдзел у палітычным жыцці: удзельнічаў у стварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь, склаў маніфест аб яе абвяшчэнні, у 1919 годзе ўзначальваў Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі. Пасля заканчэння Грамадзянскай вайны Зміцер Жылуновіч быў членам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР, некаторы час узначальваў Дзяржаўны архіў БССР і Дзяржаўнае выдавецтва БССР, з'яўляўся членам прэзідыўма Інбелкульта, працаваў намеснікам народнага камісара асветы БССР. З другой паловы 1920-х гадоў Зміцер Жылуновіч неаднаразова абвінавачваўся ў нацыянал-дэмакратызме, і, нарэшце, ў 1931 годзе быў выключаны з Камуністычнай партыі. Жылуновіч больш не займаў прыкметных пасад, але працягваў працаваць як пісьменнік і гісторык. У 1934 г. удзельнічаў у стварэнні Саюза пісьменнікаў БССР. На выставе можна ўбачыць адну з апошніх прыжыццёвых публікацый Цішкі Гартнага ў газеце "Літаратура і мастацтва".

У 1936 годзе Зміцер Жылуновіч быў арыштаваны і абвінавачаны ва ўдзеле у антысавецкай контррэвалюцыйнай арганізацыі. У турме ён цяжка захварэў і ў 1937 годзе, ва ўзросце 50 гадоў, памёр. У 1955 годзе Зміцер Жылуновіч быў рэабілітаваны.

Большасць матэрыялаў, якія прадстаўлены на выставе, на сённяшні дзень з’яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю і захоўваюцца ў аддзеле старадрукаў і рэдкіх выданняў бібліятэкі.

Пазнаеміцца з экспазіцыяй можна па адрасе: г. Мінск, вул. Савецкая, 11 (правае крыло Дома Урада). Для наведвання Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь патрабуецца пашпарт або чытацкі білет.