Алесь Махнач: драматург, празаік і абаронца Брэсцкай крэпасці

104 гады таму, 27 жніўня 1922 года, у вёсцы Забалацце Уздзенскага раёна Мінскай вобласці нарадзіўся беларускі драматург, празаік і публіцыст Аляксандр Іванавіч Махнач, вядомы пад літаратурным імем Алесь Махнач.

У 1941 годзе, пасля заканчэння Калінкавіцкага пяхотнага вучылішча, Махнач быў накіраваны ў гарнізон Брэсцкай крэпасці. У першыя дні вайны ўдзельнічаў у яе абароне, быў цяжка паранены і трапіў у палон. Вызвалены з канцэнтрацыйнага лагера ў 1945 годзе, пасля чаго знаходзіўся на лячэнні ў ваенных шпіталях. У 1947 годзе быў дэмабілізаваны.

Пасля вайны загадваў Прысынкаўскай сельскай бібліятэкай на Уздзеншчыне, а пазней працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Завочна скончыў Мінскі бібліятэчны тэхнікум і Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве.

Дэбютаваў вершамі ў 1949 годзе. У 1956 годзе выйшаў яго першы зборнік «Драматычныя мініяцюры». Пазней былі выдадзены п’есы «Перад бурай», «Да пары збан ваду носіць», «Шпачок», «Мы будзем жыць», «Маленькія салдаты», «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» і іншыя.

Асаблівае месца ў творчасці пісьменніка займала тэма абароны Брэсцкай крэпасці. Ёй прысвечаны дакументальныя аповесці «Дзеці крэпасці» (1988) і «Камандзір Усходняга форта» (1991), заснаваныя на рэальных падзеях і ўспамінах удзельнікаў абароны. Махнач таксама быў адным са складальнікаў і членаў рэдакцыі зборніка ўспамінаў абаронцаў Брэсцкай крэпасці.

Алесь Махнач займаўся і краязнаўствам, пісаў нарысы пра родны край і яго людзей. У 1980 годзе яму было прысвоена званне заслужанага работніка культуры Беларускай ССР.

Творчая спадчына Алеся Махнача звязана з тэмамі вайны, мужнасці, гістарычнай памяці і любові да роднага краю. Яго творы захоўваюць памяць пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці і пакаленне, на долю якога выпалі цяжкія выпрабаванні.

 

facebook