Яшчэ ў эпоху старажытнага палеаліту пачынаючыя расказчыкі выдзёўбвалі на сценах каменных пячор мудрагелістыя малюнкі прыроды, жывёл і сваіх супляменнікаў, аб'ядноўваючы іх у адзінае «пракрустава ложа» сюжэту. Дзіўна, але нават сёння, праз многія тысячы гадоў, «літаратурная мова» неандэртальцаў зразумелая і нам, сучасным людзям.
Зразумела, з цягам часу чалавечая мова зведала мноства змен і мутацый, а ўжо неўзабаве ўзбагацілася настолькі, што стала трывалай асновай для стварэння сапраўды пазачасавых твораў сусветнай літаратуры – папера стала носьбітам пачуццяў і думак, не менш каштоўным і даўгавечным, чым шурпаты каменны ўцёс.
Мова нашага народа заўсёды адрознівалася не толькі сваёй прыгажосцю і пявучасцю, але і ўнутранай сілай беларускага слова, здольнага ў правільных руках несці ў сабе магутны гуманістычны пасыл. Многія беларускія аўтары ахвотна пацвердзяць, што наша нацыянальная літаратура спакон веку прытрымлівалася пастулатаў шчырасці, сумленнасці і праўды – і менавіта такой яна застаецца па гэты дзень.
У гонар штогадовага Дня беларускага пісьменства, які праходзіць сёлета ў Слоніме, прадстаўляем вашай увазе пяцёрку кніг сучасных беларускіх аўтараў, кожны з якіх па-свойму ўспрымае навакольную рэчаіснасць, аднак усе яны адзіныя ў адным – у прыхільнасці вялікаму беларускаму слову.
1. Юлія Зарэцкая
«Суседзі»
Адкрывае нашу падборку зборнік апавяданняў Юліі Зарэцкай «Суседзі», прысвечаны жыхарам аграгарадка Дунілавічы ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці, адкуль родам і сама пісьменніца. Жыхарам сваёй малой радзімы Юлія Францаўна прысвяціла больш за дзесятак твораў малой прозы, галоўныя героі якіх раз-пораз трапляюць у смешныя, недарэчныя, вясёлыя, страшныя, сумныя і часам фантастычныя сітуацыі, з якіх кожны выбіраецца ў сілу свайго характару, кемлівасці і жыццёвага вопыту.
І толькі адно заўсёды застаецца нязменным – да кожнага з герояў Зарэцкай заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу яго родныя, сябры, аднавяскоўцы, суседзі. Бо дзе, як не ў тыповай беларускай глыбінцы, жыве і дыхае на поўныя грудзі ўсведамленне таго, што ўсе мы нарадзіліся і былі выхаваны на адной і той жа зямлі нашых продкаў, усе мы, па-свойму, землякі і роднасныя душы, а раз так – не варта кідаць у гадзіну патрэбы блізкага свайго, бо, хочаш-не хочаш, нікуды ён ад цябе не дзенецца – твой самы любімы (ці не вельмі) сусед.
2. Юлія Шарова
«Вяртанне Ліліт»
Вы любіце астралогію? А псіхалогію, ды яшчэ і ўперамешку з фантастыкай? А калі ўсе разам? Астрапсіхалагічны раман (па вызначэнні самога аўтара) «Вяртанне Ліліт» дазваляе з галавой акунуцца ў незвычайную фантастычную трактоўку ўсім вядомых біблейскіх падзей і апавядае пра першую, не згаданую ў Бібліі жонку Адама – Ліліт, якая ў свой час пакінула райскія шаты, аднак і на «процілеглым» полюсе таксама не змагла прыжыцца.
Панукаемая Госпадам і д'яблам, Ліліт падпісвае дагавор, згодна з якім яна вымушана бясконца ўсяляцца ў чужыя жаночыя целы і жыць, такім чынам, сярод простых смяротных. Ладна паматаўшыся па ўсёй планеце, Ліліт трапляе ў сучасны Мінск. Тут яна сустракае цэлую галерэю каларытных персанажаў (уключаючы анёла, дэмана і аднаго вучонага ката, здольнага адрозніць оперы італьянскага Вівальдзі ад нямецкага Гендэля), якія назаўжды зменяць яе лёс вечнай бадзяжкі і ізгоя…
3. Андрусь Горват
«Радзіва "Прудок". Дзённік»
Да таго, як напісаць дадзеную аповесць, а дакладней – дзённік, Андрусь Горват працаваў журналістам і дворнікам тэатра імя Янкі Купалы, а ў перапынках публікаваў урыўкі сваіх думак і перажыванняў у газеце «Наша Ніва» і на ўласнай персанальнай старонцы ў Фэйсбуку. Тады Андрусь нават уявіць сабе не мог, што яго будучая кніга атрымае захопленыя водгукі чытачоў, некалькі прэстыжных літаратурных узнагарод і нават будзе ўвасоблена на сцэне таго самага тэатра Янкі Купалы, а ён будзе ўдзельнічаць у яе пастаноўцы – зразумела, ужо не ў ролі дворніка.
Гэтая кніга не аб тым, як кінуць бліскучую гламурам сталіцу і з'ехаць на сваю гістарычную радзіму круціць каровам хвасты, саджаць бульбу і падымацца рана раніцай пад немы крык пеўня. Гэтая кніга пра тое, як часам важна адкінуць усё лішняе, вярнуцца да вытокаў, да роднай культуры і мовы, зноў успомніць добрыя бабуліны казкі – і адчуць, што ты нарэшце на сваім месцы.
4. Віктар Марціновіч
«Мова»
Чарговая кніга аднаго з самых смелых і арыгінальных пісьменнікаў сучаснай Беларусі малюе перад намі карціну бязрадаснай антыўтапічнай будучыні, годнай стаяць у адным шэрагу з культавай «1984» Джорджа Оруэла і больш свежай «Хларафіліяй» Андрэя Рубанава.
Мінск, 4741 год па кітайскім календары. Саюзная дзяржава Расіі і Кітая дасягнула свайго гістарычнага піка, паглынуўшы спрадвечна беларускія землі і абвясціўшы іх сваёй тэрыторыяй. Беларуская мова прыроўнена да магутнаму наркотыку, а таму абвешчана па-за законам. Сентыментальны кантрабандыст Сярожа, які ратуецца ад смяротнага пакарання за распаўсюд «мовы», вывозіць рэшткі небяспечнага «наркотыку» за мяжу і аказваецца «пад каўпаком» у мінскага падпольнага супраціўлення, якое знаходзіцца ў распараджэнні кітайскай мафіі і яе таямнічага лідара Цёткі.
Разам яны паспрабуюць зламаць устояны рэжым, у якім межы паміж дабром і злом, чорным і белым, любоўю і абавязкам ўжо даўно размыліся да поўнага абязлічвання…
5. Кірыл Стаселька
«Marginalis»
Кірыл Стаселька, майстар філасафічна-гістарычнай прозы, у сваім рамане «Marginalis» малюе маштабную аб'ёмную карціну таго, што адбываецца на працягу больш за чатырыста гадоў – у кнізе суіснуюць паўтары сотні персанажаў і дзесяткі краін, ствараючы паміж сабой складаны, мудрагелісты сюжэтны пазл, поўны філасофскіх і псіхалагічных матываў, кавалачкі якога, нягледзячы на неаднародную структуру, у рэшце рэшт складваюцца ў адзінае цэласнае палатно.
Сюжэт рамана разгортваецца вакол уладальніка старажытнай загадкавай кнігі, якая не мае ні дакладнага ўзросту, ні радаводу, ні нават выразнай мэты яе напісання. У пошуках адказаў на свае шматлікія пытанні, галоўны герой разумее, што часам адзіным верным рашэннем з'яўляецца зазірнуць не ў цэнтр, а на перыферыю. Выйсці на абочыну гісторыі, жыцця, свайго ўласнага «я» – і даведацца праўду, якой бы горкай і страшнай яна ні аказалася.
Як мы ўжо пісалі, кожны з пералічаных вышэй аўтараў піша ў сваёй індывідуальнай манеры, на тэмы, якія хвалююць асабіста яго і адлюстроўваюць яго аўтарскі светапогляд. Але, тым не менш, кожны з іх выбраў сваім абавязкам пісаць менавіта на беларускай мове. І пакуль на ей пішуцца раманы, складаюцца вершы і спяваюцца песні, беларуская мова ніколі не памрэ ў сэрцах і душах нашага народа.
Любіце сваю мову, размаўляйце на сваёй мове. А за цікавымі і пазнавальнымі кнігамі на роднай беларускай мове прыходзьце ў Прэзідэнцкую бібліятэкі Рэспублікі Беларусь - тут вам заўсёды рады, як добраму і даўно знаёмаму суседу.