У 1968 годзе Галіна Каржанеўская скончыла Янушкавіцкую сярэднюю школу Лагойскага раёна і паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1973 годзе выкладала беларускую мову і літаратуру ў Плешчаніцкай сярэдняй школе. Пазней яе жыццё было цесна звязана з журналістыкай: яна працавала на Беларускім тэлебачанні, а з 1986 года ўзначальвала аддзел крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва». Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1976 года.
Пісаць вершы Галіна Каржанеўская пачала яшчэ ў школьныя гады. Першая публікацыя адбылася ў 1967 годзе ў часопісе «Маладосць». У яе вершах - тонкае адчуванне чалавека, памяці, любові і роднага краю.
Яна аўтарка шматлікіх паэтычных зборнікаў: «На мове шчасця», «Мой сад», «Званы гадоў», «Жыла-была», «Вечны водгук», «Невымоўнае», «Асенні мёд», «Вершаняты» і іншых. Пісала таксама п’есы, творы для дзяцей, казкі і апавяданні.
Асаблівае месца ў творчасці пісьменніцы займае тэма памяці. Амаль чатыры гады яна запісвала ўспаміны «дзяцей вайны» з Лагойшчыны. Вынікам гэтай працы стала кніга «Лагойшчына. Голас памяці» (2019), якая захавала жывыя ўспаміны і лёсы людзей ваеннага пакалення.
Творчасць Галіны Каржанеўскай - гэта шчырая размова пра чалавека, яго душу, памяць, любоў і сувязь з роднай зямлёй. У яе вершах адчуваюцца цеплыня народнай мудрасці, беларускія фальклорныя традыцыі і глыбокае разуменне жыцця.





