Нарадзіўся ў Оршы Віцебскай вобласці. Ужо ў дзяцінстве ў ім выявілася рознабаковасць таленту. Са слоў маці ён навучыўся чытаць у тры з паловай гады, добра маляваў, наведваў музычную школу.
Аб адносінах і пачуццях да Радзімы гавораць наступныя радкі Уладзіміра Караткевіча, які ўзвысіў яе як самы адданы сын:
«Беларусь! Зялёная, залатая.
Край мой светлы, што выпіў мора пакут!
Да апошняй бярозы благаслаўляю
Светлы дзень,калі я нарадзіўся тут! »
Падчас Вялікай Айчыннай вайны Караткевіч быў у эвакуацыі, спачатку ў Пермскай вобласці, затым - у Чкалаве (сучасны Арэнбург). У 1944 годзе разам з бацькамі вярнуўся ў Оршу, дзе скончыў сярэднюю школу. З 1949 па 1955 гг. вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага універсітэта ім. Т.Р. Шаўчэнкі.
Менавіта ў студэнцкія гады Караткевіч захапіўся гісторыяй. Ён многа часу праводзіў у архівах, вывучаючы першакрыніцы па гісторыі роднага краю.
Пасля заканчэння ўніверсітэта ён два гады працаваў настаўнікам мовы і літаратуры ў вёсцы Лесавічы Кіеўскай вобласці. З 1956 па 1958 гг. – настаўнічаў у адной са школ Оршы.
У аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» у 1951 годзе ўбачылі свет першыя надрукаваныя творы Караткевіча. Гэта былі два вершы: «Тут будзе канал» (на рускай мове) і «Якубу Коласу» (на беларускай мове). У 1955 годзе ў часопісе «Полымя» быў апублікаваны верш «Машэка». У 1958 годзе пабачыла свет яго першая кніга – зборнік вершаў «Матчына душа».
У 1957 годзе Караткевіч быў прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў БССР. У 1962 годзе скончыў Вышэйшыя літаратурныя і Вышэйшыя сцэнарныя курсы ў Маскве. У 1963 годзе пісьменнік з маці пераехаў ў Мінск.
Пазней з'явілася яшчэ некалькі арыгінальных і непаўторных зборнікаў: «Вячэрнія ветразі» (1960); «Мая Іліяда» (1969); «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Вершамі ёз з намі прывітаўся і развітаўся, таму што апошні зборнік быў надрукаваны пасля смерці аўтара.
Шырокае прызнанне У. Караткевіча як на Беларусі, так і далёка за яе межамі прынесла проза. Своеасаблівасць пісьменніцкага лёсу аўтара перш за ўсё ў тым, што ён ўвёў у беларускую прозу жанр гістарычнай аповесці і рамана. Караткевіч першым з беларускіх пісьменнікаў звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Так, у 1958 г. з’явілася яго гісторыка-дэтэктыўная аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», стаўшая разам з раманам «Чорны замак Альшанскі» (1979) адным з самых вядомых твораў пісьменніка.
Сам жа Уладзімір Караткевіч галоўнай кнігай свайго жыцця лічыў гістарычны раман «Каласы пад сярпом тваім» (1962-1964).
Сярод твораў гістарычнага плана пісьменніка вылучаецца раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966). Гэта сваеасаблівая мастацкая энцыклапедыя народнага жыцця Беларусі XVI стагоддзя. З аднаго боку трагічная і адначасова жыццёсцвярджальная.
Плённа працаваў Уладзімір Караткевіч і як драматург, публіцыст, літаратурны крытык, паэт. Для малых чытачоў ён выдаў зборнік «Казкі» (1975). Караткевіч аўтар п’ес: «Млын на Сініх Вірах» (1957), «Маці ўрагану» (1982).
Яго лепшым публіцыстычным творам стаў напісаны ў 1971 г. і выдадзены асобнай кнігай ў 1977 г. нарыс «Зямля пад белымі крыламі». Апошнюю называюць энцыклапедыяй Беларусі. У ім шчыра і з любоўю Уладзімір Сямёнавіч апавядае пра гісторыю, мову, прыроду і культуру роднай зямлі.
Пісьменнік істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам. Фактычна, Уладзімір Караткевіч стаў пачынальнікам беларускай гістарычнай белетрыстыкі, а развіццё гэтага жанру мае выключную важнасць для фарміравання нацыянальнай свядомасці, патрыятызму і любві да сваёй Радзімы.
Караткевіч у сваіх творах даваў зразумець, што трыба пражыць жыццё так, каб пры любых паваротах гісторыіі заставацца сумленным і чыстым чалавекам, не здрадзіць сабе, сваім сябрам, Радзіме. Такім быў і сам Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч.
Уладзімір Караткевіч пражыў толькі 53 гады, але ён паспеў пакінуць нашчадкам цудоўную літаратурную спадчыну, якой сёння ганарыцца беларуская літаратура.
Уладзіміра Сямёнавіча не стала 25 ліпеня 1984 г. Пахаваны беларускі класік у Мінску на Ўсходніх могілках.
У аддзеле старадрукаваных і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь экспануецца выстаўка "Літаратурны каляндар", дзе прадстаўлены прыжыццёвыя выданні Уладзіміра Караткевіча, а таксама кніга з яго аўтографам.





