Вяртанне кніжнай спадчыны роду Радзівілаў на гістарычнае месцазнаходжанне ў Нясвіж

26 лютага 2016 г. у Нясвіжы адбыўся шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да 400-годдзя ўшанавання памяці Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, выбітнога дзеяча гісторыі і культуры Беларусі (арганізатары – Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж», «Музей «Замкавы комлекс «Мір», Польскі інстытут у Мінску).

Імшу па фундатару Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротцы праводзіў у касцёле Божага Цела мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» на тэрыторыі самога замка-палаца Радзівілаў прайшлі прэзентацыі зборніка навуковых прац «Мікалай Радзівіл Чорны (1515–1565): палітык, дыпламат, мецэнат» (Нясвіж, 2016) і дапоўненага навуковага выдання на беларускай мове кнігі польскага даследчыка Томаша Кемпы «Mikolaj Krzysztof Sierotka (1549–1616), wojewoda wilenski», якая выйшла ў варшаўскім навуковым выдавецтве «Сэмпер» у 2000 г. Таксама ў Залатой зале Палацавага ансамбля адбылася прэзентацыя паўдаспеха часоў М.К. Радзівіла Сіроткі з калекцыі зброі і даспехаў Нясвіжскага замка XVI – першай пал. ХX ст. Гэтая калекцыя з некалькіх тысяч артэфактаў у свой час была адной з найбольш багатых ва Усходняй Еўропе. Нажаль, потым яна была страчана і ў Рэспубліцы Беларусь фактычна не захавалася прадметаў з гэтай калекцыі. Таму вяртанне паўдаспеха на сваё гістарычнае калекцыйнае месцазнаходжанне ў Нясвіж – падзея неардынарная і знакавая.

Але не толькі зброя вярнулася. Вярнуліся і... кнігі. Дакладней, – частка знакамітага кнігазбору і архіва Радзівілаў, якія ўключаны ў сусветны рэгістр культурнай спадчыны «Памяць свету». Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь алічбавала сваю частку кнігазбору ў рамках міжнароднай праграмы «Radziviliana» бібліяграфічнага і віртуальнага ўзнаўлення бібліятэкі Радзівілаў.

Была створана адмысловая паўнатэкставая база даных «Калекцыя «Бібліятэка Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў» Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь – камплект з 6 электронных аптычных дыскаў (DVD-ROM), які ўключае: характарыстыку калекцыі; 3D-версію найкаштоўнага зборніка гістарычных дакументаў Муханов, П. Подлинные свидетельства о взаимных отношениях России и Польши преимущественно во время самозванцев = Autentyczne świadectwa o wzajemnych stosunkach pomiędzy Rossyą a Polską szczególniéj zaś za czasów samozwańców w Rossyi / собрал и издал П. Муханов (Москва : В Типографии Семена Селивановского, 1834); 128 поўных электронных копій выданняў XVIII–XX стст., арыгіналы якіх захоўваюцца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь; бібліяграфічны спіс змешчаных выданняў.

Ва ўрачыстых абставінах Дзяржаўная ўстанова «Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь» у асобе дырэктара С.І. Квачана перадала электронную бібліятэку Радзівілаў Дзяржаўнай установе «Нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік «Нясвіж» у асобе дырэктара С.М. Клімава. Далейшая супраца бібліятэкі і музея-запаведніка будзе працягвацца на падставе тут жа заключанай і падпісанай афіцыйнай дамовы аб супрацоўніцтве, якая прадугледжвае абмен выставамі кніжных і рэчавых артэфактаў, прапрацоўку варыянтаў віртуальнага і рэальнага фізічнага вяртання на гістарычнае месцазнаходжанне частак кнігазбору Радзівілаў, якія захоўваюцца ў Беларусі, Расіі, Польшчы, Літве, Фінляндыі, кааперацыю ў культурна-адукацыйных праектах і іншае.

Сама імпрэза ў палацы Радзівілаў прайшла ў нязмушанай сяброўскай атмасферы аднадумцаў і рупліўцаў нацыянальнай культурнай спадчыны – бібліятэкараў, музейных і архіўных спецыялістаў, у чым немалая заслуга вядучага – намесніка дырэктара па навуковых пытаннях НГКМЗ «Нясвіж» З.Л. Яцкевіча, а таксама дзякуючы прысутнасці князя Мацея Радзівіла, які падараваў установе старажытныя карты і па-мастацку аформленую генеалогію знакамітага роду ў сямнаццаці каленах і шчыра кантактаваў з усімі зацікаўленымі адмыслоўцамі.

Прэзідэнцкую бібліятэку Рэспублікі Беларусь на мерапрыемствах прадстаўлялі дырэктар С.І. Квачан, намеснік дырэктара па навуковай працы А.А. Пенда, загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў В.М. Герасімаў.

У выхадных звестках электроннага рэсурса, перададзенага ў дар НГКМЗ «Нясвіж» Прэзідэнцкай бібліятэкай, пазначаны ўдзельнікі рэалізацыі праекта: складальнікі В.М. Герасімаў, А.А. Пенда; фармаванне калекцыі і аўтар уводнага артыкула В.М. Герасімаў; сканаванне выданняў Э.А. Гурыновіч, А.А. Ігнатовіч; бібліяграфічнае апісанне В.М. Герасімаў, Э.А. Гурыновіч, Л.У. Івахніна, М.П. Магілявец; праграміраванне С.У. Новікаў; мастак-дызайнер І.І. Янковіч; паліграфічнае і тэхнічнае афармленне камплекта А.І. Рак, М.У. Яўменчык. Пры гэтым патрэбна заўважыць, што прэзентацыя паўнатэкставай базы на ўрачыстасцях у Нясвіжы стала толькі кульмінацыяй шматгадовай карпатлівай працы ўсіх пакаленняў спецыялістаў бібліятэкі, якія спрычыніліся да фармавання, захавання, вывучэння і папулярызацыі кніжнай спадчыны Радзівілаў.