Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Беларуская сатыра»
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13) запрашает на часовую літаратурна-дакументальную экспазіцыю «Беларуская сатыра», прымеркаваную да 125-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы і 80-годдзя часопіса «Вожык».
Сярод шматлікіх відаў мастацтва сатырычная літаратура займае асобае месца. Дасціпны жарт, меткі верш, выкрывальны фельетон, востры подпіс пад малюнкам заўсёды выклікаюць у чытача вялікую цікавасць, да іх ён ніколі не застаецца абыякавым. Сатырычнае слова, прызначанае выкрываць і біць, заўсёды дасягае сваёй мэты.
Творчасць Кандрата Крапівы, з імем якога звязана фарміраванне сатырычнай плыні ў нацыянальнай літаратуры, непасрэдна і непарыўна звязана з часопісам «Вожык». Ад пачатку існавання, з ліпеня 1941 г., ён – галоўны рэдактар агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», а са снежня 1945 года – часопіса сатыры і гумару «Вожык».
Сёння сатырычны часопіс «Вожык» уваходзіць у склад Выдавецкага дома «Звязда», штомесячна выдаецца ў Мінску і сёлета святкуе сваё 80-годдзе. Ён застаецца старэйшым і адзіным у краіне дзяржаўным выданнем у галіне сатыры і гумару. Усё лепшае, што створана беларускімі пісьменнікамі і мастакамі-карыкатурыстамі ў сатыры і гумары, прайшло праз «Вожык». У часопісе друкаваліся, без перабольшання, усе беларускія класікі.
Экспазіцыя прадстаўляе партрэты, фатаграфіі і асабістыя рэчы Кандрата Крапівы, эпісталярыі, кнігі з аўтографамі, рукапісы і інш. А таксама розныя нумары часопіса сатыры і гумару «Вожык». Дзякуючы вожыкаўскім карыкатурам можна знайсці адказы на многія пытанні, а таксама атрымаць вясёлы настрой і пазітыўны зарад.
Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13).
Кантактны тэлефон: (017) 363-56-21 (017) 395-44-47.
Источник: http://bellit.museum.by