1

Першыя Кісялёўскія навуковыя чытанні

18 марта 2021 в 12:00

У Літаратурным музеі Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30, кв. 4) адбудуцца Першыя Кісялёўскія навуковыя чытанні “Таямніцы ХІХ стагоддзя”, прысвечаныя 90-годдзю Генадзя Васільевіча Кісялёва, беларускага гісторыка, літаратуразнаўца, пісьменніка і археографа.

Генадзь Кісялёў – знакавая постаць айчыннага літаратуразнаўства. Даследаваў беларускую літаратуру, гісторыю грамадскай думкі і нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі XIX стагоддзя, жыццё і дзейнасць К.Каліноўскага, В.Дунін-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, А.Вярыга-Дарэўскага, П.Шпілеўскага, Я.Коласа і Я.Купалы. Атрыбутаваў аўтарства “Энэіды навыварат” і “Тараса на Парнасе”. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1990) за кнігі гістарычна-літаратурных даследаванняў “Разыскивается классик…” і “Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча”.

На Першых Кісялёўскіх навуковых чытаннях плануецца разгледзець ролю даследчыка ў айчынным літаратуразнаўстве і гістарычнай навуцы, яго ўплыў на сучасны навуковы працэс, развіццё жанра “займальнага літаратуразнаўства”, а таксама азнаёміцца з сучаснымі знаходкамі і адкрыццямі гісторыкаў літаратуры, якія следам за Г.Кісялёвым займаюцца разгадкай беларускіх таямніц ХІХ стагоддзя.

На навуковых чытаннях выступяць: Г.Кісліцына, д.ф.н., загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Л.Кісялёва, к.ф.н., старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, І.Бурдзялёва, к.ф.н., дацэнт МДЛУ, І.Багдановіч, к.ф.н., дактарант Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, І.Запрудскі, дактарант кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ, М.Варабей, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай літаратуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, З.Дрозд, аспірант Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.

У праграме канферэнцыі прадугледжаны пасяджэнне і адкрыццё фотавыставы, прысвечанай жыццю і дзейнасці Г.Кісялёва.

Источник: http://bellit.museum.by