Свята было заснавана на 30 й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года. Ідэю абвяшчэння Міжнароднага дня роднай мовы прапанавалі дэлегацыі Бангладэш і Саудаўскай Арабіі.
Сярод 25 першых сааўтараў і найбольш актыўных прыхільнікаў рэзалюцыі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА былі Беларусь, Літва і Расія. Дзень святкавання — 21 лютага быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш. Гэты дзень адзначаецца ў Бангладэш як дзень памяці пра падзеі 1952 года.
Беларуская мова — самая мілагучная пасля італьянскай, вырашылі эксперты ЮНЕСКА. Гісторыкі сцвярджаюць, што яна яшчэ і самая старажытная сярод славянскіх. Дні роднай мовы ў Беларусі пачалі ладзіцца дзяржаўнымі ўстановамі з 2009 года.
Да Міжнароднага дня роднай мовы ў Філіяле бібліятэкі ў Рэзідэнцыі Прэзідэнта Республікі Беларусь прадстаўлена экспазіцыя "Родная мова беларусаў", на якой дэманструюцца кніжныя і перыядычныя выданні: "Наша доля", "Наша Ніва", "Звязда", "Чырвоная змена", "Літаратура і мастацтва", "Настаўніцкая газета", часопісы "Маладняк", "Узвышша", “Алеся", "Вожык", кнігі вядомых беларускіх пісьменнікаў.
Супрацоўнікі Прэзідэнцкай бібліятэкі Республікі Беларусь прымалі ўдзел у афіцыйным адкрыцці выставы “Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць” і працы круглага стала ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці, удзельнікі якога абмяркоўвалі шляхі і ўмовы развіцця беларускай мовы ў якасці адной з дзяржаўных моў сучаснай Беларусі, а таксама яе ролю ў айчыннай культуры XIV-XXI стагоддзяў.
Дарэчы, у музейнай экспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя выданні з фонду Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, якая выступіла адной з удзельніц гэтага выставачнага праекта.
Загадчык Філіялам Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь у Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Лычагіна Т.А.