3 лістапада - дзень нараджэння класіка сусветнай і беларускай літаратуры Якуба Коласа

Якуб Колас - класік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы, народны паэт Беларусі. Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, педагог, грамадскі дзеяч.

Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) нарадзіўся 3 лістапада 1882 г. у засценку Акінчыцы Мінскага павета Мінскай губерні.

Шлях, які прайшоў Якуб Колас, - адметны. Асноватворныя ўласцівасці яго жыцця і дзейнасці - сумленнасць, высокароднасць, нераўнадушша, імкненне дапамагчы ў цяжкіх абставінах, грунтоўнасць ва ўсіх жыццёвых праявах, вернасць сваім прынцыпам, адстойванне ў прамым ці ўскосным выглядзе ўласных поглядаў, любоў да радзімы і яе народа, клопат аб захаванні нацыянальнай самабытнасці беларусаў, аб беларускай мове, пратэст супраць рознага кшталту прыгнечання чалавека. Гэтыя якасці ў поўнай меры адбіліся на творчасці пісьменніка, які ўнёс значны ўклад у нацыянальную і сусветную літаратуру. Сярод творчых дасягненняў найбольш важкімі з’яўляюцца пашырэнне жанравых магчымасцяў беларускай літаратуры, выкарыстанне шырокай і актуальнай тэматыкі ў паэтычных і празаічных творах, узбагачэнне паэзіі філасофскай і пейзажнай лірыкай, спалучэнне лірыкі і эпасу, закладанне асноў беларускага рамана і беларускай дзіцячай літаратуры, філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці праз алегарычны аповед, станаўленне норм беларускай літаратурнай мовы.

Ужо ў 1920 г. у выдадзенай у Вільні «Гісторыі беларускай літаратуры», якую напісаў вядомы беларускі пісьменнік і літаратуразнавец М. Гарэцкі, Якуб Колас названы класікам беларускай літаратуры.

«У сусветную літаратуру Якуб Колас увайшоў як «беларускі Гамер», стваральнік нацыянальнай «Іліяды» і «Адысеі» - менавіта такія аналогіі напрошваюцца пры думцы аб ягоных «Новай зямлі» і «Сымоне-музыку»… Імя Якуба Коласа, аднаго з буйнейшых песняроў сялянства, стваральніка маляўнічых беларускіх краявідаў, самабытнага філосафа, надзвычай натуральна глядзіцца ў шэрагу імёнаў класікаў сусветнай літаратуры», - сказаў пра песняра беларускі літаратуразнавец М. Тычына.

Дзейнасць Якуба Коласа, яго роля і значэнне ў нацыянальным духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнены нашчадкамі.

Створанае Коласам вывучае асобная галіна беларускага літаратуразнаўства - коласазнаўства.

Зборы твораў песняра выходзілі ў 1928-1929 гг. (у 2 тамах), у 1952 г. (у 7 тамах), у 1961-1964 гг. (у 12 тамах - першае навукова каменціраванае выданне спадчыны пісьменніка), 1972-1978 гг. (у 14 тамах). У 2007 г. пачалося выданне першага поўнага збору яго твораў у 20 тамах.

Многія творы Якуба Коласа ўключаны ў школьныя праграмы.

У 1959-1965 гг. прысуджалася Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа, з 1965 г. - Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа (за творы прозы і літаратуразнаўчыя працы).

Імем Коласа названы Інстытут мовазнаўства і Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, плошчы і вуліцы, школы і бібліятэкі ў многіх населеных пунктах Беларусі, буйное вытворчае паліграфічнае прадпрыемства ў Мінску.

Працуюць Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ў Мінску (з філіялам, які ўключае мемарыяльныя сядзібы Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Смольня), літаратурна-этнаграфічныя музеі ў Люсіне і Пінкавічах. Створаны Коласаўскі заказнік у Стаўбцоўскім раёне, дзе адкрыты мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа», які налічвае больш за 40 драўляных скульптур па матывах твораў пісьменніка. Грамадскія літаратурныя музеі дзейнічаюць у сярэдніх школах вёсак Люсіна Ганцавіцкага, Пінкавічы Пінскага раёнаў Брэсцкай вобласці, Верхмень Смалявіцкага, Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага, пасёлка Лясны Мінскага раёнаў Мінскай вобласці.

Помнікі Коласу пастаўлены на плошчы яго імя ў Мінску і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў вёсцы Мікалаеўшчына, у горадзе Навагрудку Гродзенскай вобласці, вёсцы Плоскае Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі існуе мемарыяльны пакой Коласа. На будынках, дзе жыў і працаваў народны паэт Беларусі ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі.  Вобраз пісьменніка ўвасобілі ў творах выяўленчага мастацтва Л. Асядоўскі, І. Ахрэмчык, М. Будавей, Ю. Герасіменка, Т. Ігнаценка, Я. Кулік, М. Купава, Я. Раманоўскі, І. Рэй, У. Стальмашонак, В. Шаранговіч, Л. Шчамялёў, А. Яр-Краўчанка і інш. Партрэт пісьменніка змяшчаўся на паштовых марках і паштоўках, на манеце, выпушчанай да 110-годдзя з дня яго нараджэння. Жыццё і дзейнасць Якуба. Коласа пакладзены ў аснову фільмаў: «Народны паэт» (1952 г.), «Якуб Колас» (1962 г.), «Дзядзька Якуб» (1982 г.).

Творы Якуба Коласа ўвасоблены ў тэатральным, музычным, кінематаграфічным мастацтве. У тэатрах ставіліся п’есы паводле яго апавяданняў, аповесцей, трылогіі. Ю. Семянякам створана опера па паэме «Новая зямля», Ю. Багатыровым па аповесці «Дрыгва» - опера «У пушчах Палесся». На словы Якуба Коласа напісана шмат музычных твораў.  Коласаўскую паэзію для напісання песень і рамансаў выкарыстоўвалі кампазітары М. Чуркін (песні «Краска», «Вясна», рамансы «Маёй каханцы», «Гусі…»), А. Туранкоў (рамансы «Усход сонца», «Дудка», песня «Радасць»), Я. Цікоцкі (рамансы «Каманіну, Малакову, Сляпнёву», «Пераможны май») і інш. Яшчэ ў 1929 г. быў зняты фільм «Песня вясны» (рэжысёр В. Гардзін) паводле аповесці Якуба Коласа «На прасторах жыцця». У 1960-1961 гг. экранізавана трылогія «На ростанях» (фільм «Першыя выпрабаванні», рэжысёр Ул. Корш-Саблін).

За межамі Беларусі з творчасцю Якуба Коласа знаёмы жыхары многіх краін свету. Яго творы (пераважна паэтычныя) перакладзены больш чым на 40 замежных моў, у тым ліку на найбольш распаўсюджаныя - англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую, кітайскую. Творчасць пісьменніка і яго ролю ў літаратуры разглядалі у сваіх працах славісты Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Германіі, Італіі. Асобае месца сярод перакладаў твораў займаюць выданні на славянскіх мовах - рускай, польскай, украінскай. На рускай мове ў розны час выходзілі тры зборы твораў Якуба Коласа. У былых рэспубліках Савецкага Саюза добра вядома імя пісьменніка. Яго імем былі названы цеплаход Дунайскага параходства, вуліцы многіх населеных пунктаў. У Варшаве мяркуецца паставіць помнік Якубу Коласу і Янку Купалу.

Рэгулярна праводзяцца прысвечаныя творчасці паэта Міжнародныя навуковыя канферэнцыі, па выніках якіх выдаюцца зборнікі матэрыялаў «Каласавіны».

100-гадовы юбілей беларускага песняра паводле рашэння ЮНЕСКА адзначаўся ў міжнародным маштабе.

У 1996 г. створаны Міжнародны фонд Якуба Коласа.

 

 

facebook