Будучы паэт нарадзіўся ў 1916 годзе ў Чувашыі, куды яго сям’я трапіла ў бежанства падчас Першай сусветнай вайны. У 1922 годзе маці з дзецьмі вярнулася на радзіму, у вёску Какошчыцы Слонімскага раёна. З юнацкіх гадоў Пётр Дабрыян удзельнічаў у падпольнай барацьбе за незалежнасць Заходняй Беларусі і права карыстацца роднай мовай. За сваю дзейнасць ён неаднаразова арыштоўваўся, адбываў турэмнае зняволенне і быў вязнем канцлагера Картуз-Бяроза.
Паэтычную творчасць Алесь Сучок пачаў яшчэ ў маладосці. У 1938 годзе ў віленскім часопісе «Шлях моладзі» быў надрукаваны яго першы верш «Я бачыў». У сваіх творах паэт услаўляў свабоду, пісаў пра жыццё вясковай беднаты, нялёгкі лёс народа і веру ў перамогу.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Алесь Сучок удзельнічаў у падпольным антыфашысцкім руху, быў сакратаром падпольнай антыфашысцкай арганізацыі Какошчыцкага падраёна, а з красавіка 1944 года ваяваў у партызанскім атрадзе імя Дзяржынскага брыгады імя Ракасоўскага. Пазней быў прызваны на фронт. За мужнасць і гераізм узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і баявымі медалямі.
Пасля вайны Пётр Дабрыян жыў і працаваў у Слонімскім раёне, займаўся грамадскай дзейнасцю, сустракаўся з моладдзю, падтрымліваў літаратурнае жыццё рэгіёна. Ён працягваў пісаць вершы пра родную зямлю і вясковае жыццё. Яго творы друкаваліся ў раённых і абласных газетах, літаратурных часопісах і калектыўных зборніках, сярод якіх «Сцягі і паходні», «Ростані волі» і «Золак над Шчарай». Пры жыцці паэт не паспеў выдаць уласны зборнік.





