Да 90-годдзя Антона Гурскага

14 студзеня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння Гурскага Антона Іванавіча, выбітнага беларускага фалькларыста, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

З усяго жанравага багацця нашага фальклору Антон Іванавіч выбраў для навуковага даследавання народныя каляндарна-абрадавыя песні зімовага цыкла. Зроблены ўпершыню ў айчыннай фалькларыстыцы навуковы аналіз каляднай абраднасці ўсходніх славян і беларускай каляднай паэзіі склаў аснову манаграфій “Зімовая паэзія беларусаў” і “Святкаванне Калядаў на Беларусі”. Ён ўпершыню ў гісторыі беларускай фалькларыстыкі ажыццявіў усебаковае даследаванне народных загадак. Ім прысвечаны манаграфіі “Беларускія загадкі: даследаванне жанру” і “Загадка ў славянскім фальклоры”.

Антон Іванавіч актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы шматтомнай серыі “Беларуская народная творчасць”. За ўдзел у стварэнні збору беларускага фальклору А.І. Гурскі ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.

Дзякуючы сваёй самаадданай працы Антон Іванавіч стаў найбольш аўтарытэтным у беларускай фалькларыстыцы даследчыкам зімовых свят. Мае больш за 200 публікацый у беларускіх энцыклапедыях і на старонках перыёдыкі. азнаёміцца падрабязней з работамі акадэміка можна ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь.

 

facebook