Прэзентацыя зборніка «Там, дзе гучыць песня жыцця»

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылася прэзентацыя ўнікальнага выдання — зборніка твораў класіка беларускай літаратуры «Там, дзе гучыць песня жыцця». Асаблівасцю кнігі стаў яе пераклад на в’етнамскую мову, што адкрывае творчасць Купалы для шырокага кола замежных чытачоў.

На прэзентацыі гучала паэзія. Удзельнікі мерапрыемства чыталі вершы Янкі Купалы як у арыгінале — на беларускай мове, так і ў перакладзе на в’етнамскую. Асабліва кранальна прагучалі радкі з легендарнага «А хто там ідзе?» на дзвюх мовах, падкрэсліваючы, што слова класіка здольна аб’ядноўваць сэрцы незалежна ад адлегласцяў.

У мерапрыемстве прыняла ўдзел дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Алена Секач. У рамках прэзентацыі адбылася ўрачыстая цырымонія дарэння: бібліятэка атрымала ў падарунак асобнік зборніка з аўтографам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам у Беларусі.

«Для нас гэта вялікі гонар і падзея. Кніга Янкі Купалы з перакладам на в’етнамскую мову — не проста выданне, а сімвал сапраўднай дружбы паміж нашымі народамі. Асабісты аўтограф Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла В’етнама робіць гэты экзэмпляр асабліва каштоўным. Ён зойме годнае месца ў фондах Прэзідэнцкай бібліятэкі і будзе служыць нагадваннем аб тым, як культура аб’ядноўвае краіны» - адзначыла А. Секач. 

Новае выданне заклікана ўмацаваць культурныя сувязі паміж Беларуссю і В’етнамам, падкрэсліваючы неўміручую каштоўнасць купалаўскага слова.

 

facebook