На прэзентацыі гучала паэзія. Удзельнікі мерапрыемства чыталі вершы Янкі Купалы як у арыгінале — на беларускай мове, так і ў перакладзе на в’етнамскую. Асабліва кранальна прагучалі радкі з легендарнага «А хто там ідзе?» на дзвюх мовах, падкрэсліваючы, што слова класіка здольна аб’ядноўваць сэрцы незалежна ад адлегласцяў.
У мерапрыемстве прыняла ўдзел дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Алена Секач. У рамках прэзентацыі адбылася ўрачыстая цырымонія дарэння: бібліятэка атрымала ў падарунак асобнік зборніка з аўтографам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам у Беларусі.
«Для нас гэта вялікі гонар і падзея. Кніга Янкі Купалы з перакладам на в’етнамскую мову — не проста выданне, а сімвал сапраўднай дружбы паміж нашымі народамі. Асабісты аўтограф Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла В’етнама робіць гэты экзэмпляр асабліва каштоўным. Ён зойме годнае месца ў фондах Прэзідэнцкай бібліятэкі і будзе служыць нагадваннем аб тым, як культура аб’ядноўвае краіны» - адзначыла А. Секач.
Новае выданне заклікана ўмацаваць культурныя сувязі паміж Беларуссю і В’етнамам, падкрэсліваючы неўміручую каштоўнасць купалаўскага слова.





