Шыцік Уладзімір Мікалаевіч: пісьменнік, журналіст і летапісец свайго часу

104 гады таму, 31 жніўня 1922 года, у Шклове на Магілёўшчыне нарадзіўся беларускі пісьменнік і журналіст Уладзімір Мікалаевіч Шыцік. Яго жыццёвы і творчы шлях быў цесна звязаны з беларускай прэсай і літаратурай, а асаблівае месца ў яго спадчыне заняла навуковая фантастыка.

Уладзімір Шыцік нарадзіўся ў сям’і рабочага. У 1940-1943 гадах вучыўся ў Маскоўскім электратэхнічным інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту, які ў гады эвакуацыі знаходзіўся ў Куйбышаве. У снежні 1944 года вярнуўся ў родны Шклоў і працаваў тэхнікам-канструктарам на папяровай фабрыцы «Спартак».

У 1949 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя В. І. Леніна. Працаваў у рэдакцыях газет «Сталинская молодежь», «Калгасная праўда», «Літаратура і мастацтва», а пазней - карэспандэнтам «Сельской газеты». У 1962 годзе стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР.

Літаратурны дэбют Шыціка адбыўся ў 1952 годзе. У 1958 годзе ў часопісе «Полымя» выйшла яго аповесць «Назаўсёды». Асаблівае месца ў творчасці пісьменніка займала навуковая фантастыка. Ён пісаў пра космас, навуку, тэхніку і будучыню, але за фантастычнымі сюжэтамі заўсёды заставаліся чалавечыя пытанні — пра адказнасць, выбар і месца чалавека ў свеце.

Сярод яго вядомых твораў - «Сосны адшумелі сваё», «Апошняя арбіта», «Майская раніца», зборнікі «Зорны камень», «Парсекі за кармой», «У час не вярнуліся», «Масткі над абрывам». Пазней пісьменнік звяртаўся таксама да дэтэктыўнай і прыгодніцкай прозы, пісаў для дзяцей.

Творчасць Уладзіміра Шыціка - гэта своеасаблівы погляд у будучыню, у якім за дасягненнямі навукі заўсёды заставаўся чалавек - са сваімі думкамі, пачуццямі, надзеямі і адказнасцю за зроблены выбар.

 

facebook