З ЛЮБОЎЮ ДА РАДЗІМЫ

Сёння, 30 красавіка, у Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, у межах «Літаратурнай гасцёўні» адбылася творчая сустрэча "З любоўю да Радзімы, з верай у дабро" з ганаровым членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, заслужаным дзеячам культуры краіны Уладзімірам Мікалаевічам Гаўрыловічам.

Адбылася прэзентацыя новага выдання “Выбраныя творы” (Мінск, “Мастацкая літаратура”, 2026). Гэта раманы “Цяпло маладзіка” і “Па веры вашай…”. Кніга выйшла ў серыі “Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі”.

– Мае героі адстойваюць подзвігі бацькоў і дзедаў у савецкі перыяд, у час вайны, лічаць немагчымым дапусціць нават думку даравання фашысцкім прыхвастням-паліцаям за ўчыненае на нашай зямлі. Яны перакананы, што Беларусь – краіна герояў, а не паліцаяў, як гэта лічаць асобныя адшчапенцы. Я сваімі творамі пераконваю чытача: адседжвацца ў кустах, пакуль пішацца сённяшняя гісторыя, не атрымаецца, калі ў цябе Беларусь у сэрцы, - падкрэсліў парламентарый і пісьменнік.

Акрамя гэтага, Уладзімір Гаўрыловіч шчыра падзяліўся з гасцямі сваімі думкамі пра літаратуру і жыццё. Уладзімір Мікалаевіч расказаў пра родны кут, дзе прайшло яго дзяцінства, пра тое, як пачаў пісаць і хто паўплываў на яго творчы шлях. Таксама аўтар шмат распавёў пра сваю сучасную дзейнасць – дэпутацкую, літаратурную і грамадскую.
Госці сустрэчы задавалі пытанні і мелі магчымасць пагутарыць з пісьменнікам у цёплай атмасферы. Сустрэча пакінула шмат яркіх уражанняў на ўдзельнікаў мерапрыемства.
Аўтар падараваў бібліятэцы больш 50 мастацкіх выданняў – вынік яго працы і калег па творчасці ў межах беларуска-расійскіх творчых праектаў і фестываляў.

 

facebook